Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 16 Жнівень 2022

Наваполацкага актывіста асудзілі пяты раз запар і ён правядзе ў няволі як мінімум 75 сутак

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Учора пасля 60 сутак за кратамі на волю не выйшаў наваполацкі актывіст Андрэй Галавырын — на яго склалі новы пратакол. 16 жніўня над ім адбыўся чарговы суд і суддзя суда горада Новаполацка Зінаіда Балаболава пакарала яго 15-сутачным арыштам.

Андрэя затрымалі 15 чэрвеня і змясцілі ў Наваполацкі Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Пасля гэтага над ім прайшлі чатыры суды за падпіску і рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў (арт. 19.11 КоАП) і кожны раз суддзя Балаболава арыштоўвала актывіста на 15 сутак. Агулам Андрэя будуць утрымліваць за кратамі мінімум 75 сутак.

Яшчэ падчас першага арышту мужчына перанёс гіпертанічны крыз, але гэтая акаличнасць не спыніла сэрыю адміністратыўных адміністратыўных арыштаў.

Таму Андрэю патрэбна салідарная падтрымка. Пішыце яму па адрасе: ЦІП, вул. Дзяржынскага, 2, г. Наваполацк, Віцебская вобласць, 211443, Андрэй Вітальевіч Галавырын.

Іван Чайка