Аўторак, 02 Жнівень 2022

Затрыманы віцебскі прадпрымальнік Барыс Элькін, які ўжо некалькі год жыве ў Польшчы

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

Час ад часу Барыс Элькін наведваўся на радзіму, дзе ў яго засталіся сваякі. Некалькі дзён таму ён прыехаў у Віцебск. Затрыманне адбылося 1 жніўня, калі прадпрымальнік выходзіў з машыны. Дома ў яго правялі ператрус, а потым забралі і самога. Падставы затрымання дакладна не вядомыя, але Барыса Элькіна ў Віцебску ведаюць як даўняга прыхільніка дэмакратычных пераменаў.

У Віцебску ён быў адным  з арганізатараў першай у Беларусі галадоўкі прадпрымальнікаў, якая праходзіла ў лютым 2004 г. Тады Элькін быў намеснікам кіраўніка прадпрымальніцкага прафсаюзу «Перспектыва», і віцебскія прадпрымальнікі пратэставалі супраць перашкодаў у гандлі, створаных мясцовымі ўладамі. Акцыю падтрымалі і ў іншых гарадах – на знак салідарнасці 12 лютага быў абвешчаны агульнарэспубліканскі страйк, падчас якога спынілі працу практычна ўсе кірмашы і гандлёвыя цэнтры. Урэшце віцебскім уладам давялося пайсці на саступкі.

У 2005 годзе ў Барыса Элькіна канфіскавалі 9000 асобнікаў кнігі «Выпадковы прэзідэнт», якія ён перавозіў са Смаленску на ўласнай аўтамашыне. Прадпрымальніка спрабавалі асудзіць за нібыта незаконнае набыццё кніг, але гаспадарчы суд скасаваў гэтую справу.

Пасля 2010 году Элькін з’ехаў з Беларусі, апошнім часам займаўся будаўнічым бізнесам у Польшчы. 4 гады таму ён стаў адным з сузаснавальнікаў кампаніі Bel.Pol.Bud.spzoo, якая наймае на працу беларусаў, што воляй лёсу апынуліся ў замежжы. З лютага гэтага году кампанія шмат дапамагала ўцекачам з Украіны, у тым ліку збірала гуманітарную дапамогу. Паводле здымкаў у інтэрнэце, каля дому ва Вроцлаве, дзе жыве Барыс Элькін, усталяваны бел-чырвона-белы сцяг. Адной з падставаў для затрымання прадпрымальніка, як мяркуюць дасведчаныя крыніцы, могуць быць менавіта фотаздымкі з беларускай нацыянальнай сімволікай у сацыяльных сетках – беларускія сілавікі кваліфікуюць гэта як несанкцыянаванае пікетаванне.

Таццяна Віктарава