Чацвер, 07 Ліпень 2022

Уладзіміра Булаўскага асудзілі да 30 сутак арышту

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Судовы працэс прайшоў у судзе Чыгуначнага раёну, але трапіць туды сябры Булаўскага не здолелі. Да апошняга моманту не было вядома, калі адбудзецца суд, і ці будзе ён увогуле. Даведацца ўдалося толькі пра вынік: 30 сутак арышту за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў (арт 24.23 КаАП).

За якое канкрэтна парушэнне асуджаны Уладзімір Булаўскі, не ведаюць нават тыя ягоныя сябры, якія бачылі ягонае затрыманне. Яно адбылося 6 ліпеня ў райцэнтры Сянно, дзе віцебскі музыка і арт-менеджэр планаваў выступіць на канцэрце «Купальскае кола». «Да яго мэтанакіравана падышлі двое мужчын у цывільным і затрымалі», – распавялі відавочцы.

Мінулы раз Уладзімір Булаўскі быў затрыманы 27 лютага і асуджаны на 15 сутак паводле таго самага артыкула 24.23 КаАП. Яго абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні на плошчы Перамогі ў Віцебску. Напярэдадні ён пакінуў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку заклік выходзіць «пагуляць» на знак пратэсту супраць вайны ва Украіне. Пакуль асуджаны быў пад арыштам, у яго доме правялі ператрус і забралі мабільны тэлефон.

Увогуле ж за апошнія два гады цяперашні арышт для віцябляніна ўжо чацвёрты. У верасні 2020 года яго асудзілі на 8 сутак і прызналі вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах адразу па двух пратаколах. У лістападзе 2021 года яго пакаралі 7-суткавым арыштам за «непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы» (арт. 24.3 КаАП).

Таццяна Віктарава