Чацвер, 07 Ліпень 2022

Затрыманы Уладзімір Булаўскі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Сябры віцебскага музыкі і арт-менеджэра распавялі, што ён быў затрыманы 6 ліпеня ў райцэнтры Сянно, дзе меўся выступаць на канцэрце «Купальскае кола». Паводле відавочцаў, затрымлівалі Булаўскага без тлумачэнняў: да яго проста падышлі два чалавекі ў цывільным і нібыта павезлі ў Віцебск. Ягоны тэлефон не адказвае дагэтуль.

Гэта ўжо чацвёртае затрыманне Уладзіміра Булаўскага за апошнія два гады. У верасні 2020 года яго асудзілі на 8 сутак і прызналі вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП)) адразу па двух пратаколах. У лістападзе 2021 года яго пакаралі 7-сутачным арыштам за «непадпарадкаванні законнаму патрабаванню службовай асобы» (арт. 24.3 КаАП).

Сёлета 27 лютага, у дзень правядзення рэферэндуму, яго затрымалі на плошчы Перамогі Віцебску і асудзілі на 15 сутак за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне. Напярэдадні ён пакінуў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку заклік выходзіць на пратэсты супраць вайны ва Украіне. Пакуль ён быў пад арыштам, у яго доме правялі ператрус і забралі мабільны тэлефон.

Эмілія Протас