Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 09 Снежань 2021

«Гэта грабеж». У бацькоў актывіста Андрэя Кулакова канфіскавалі маёмасць і грошы

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Андрэй Кулакоў Андрэй Кулакоў

Супрацоўнікі аддзелу прымусовага выканання Першамайскага раёну Віцебску 3 снежня арыштавалі і адабралі маёмасць і грошы бацькоў віцебскага актывіста Андрэя Кулакова – уладальніка легендарнага «Жывемабіля». Канфіскацыю правялі ў межах выканаўчага дакументу з патрабаваннем спагнаць з Кулакова 1160 рублёў штрафу, прысуджаных яму за «начны пікет» у верасні 2020 году. Андрэй Кулакоў, які знаходзіцца зараз за межамі краіны, назваў арышт маёмасці ягоных бацькоў рабаваннем.

Судовыя выканаўцы забралі ў бацькоў Андрэя Кулакова рэчы, ацэненыя імі на агульную суму 561 рубель, і грошы – 100 рублёў гатоўкай. Акт арышту і канфіскацыі падпісала загадчыца сектарам аддзелу прымусовага выканання Першамайскага раёну Віцебску Святлана Багдановіч.

«Гэта грабеж. Таму што ім было добра вядома, што я па тым адрасе не пражываў, што там жывуць мае бацькі і што маёмасць, якую яны забралі, мне не належыць. Той жа тэлевізар, які канфіскавалі, быў выраблены 15 гадоў таму, калі мне было ўсяго 13. Ясна, што я не мог тады набыць для сябе гэтую плазму ва ўласнасць. Мозг уключыць – і зразумела, што гэта не мая маёмасць, а бацькоў», – кажа Андрэй Кулакоў.

«Судовыя выканаўцы не мелі ніякага права гэта ўсё канфіскоўваць і наагул уваходзіць у кватэру, таму што на той момант у іх не было яшчэ рашэння суду», – дадае.

Гэта выглядае тым больш дзіўна, што, як сцвярджае Кулакоў, ён цягам апошніх месяцаў штодзень спраўна гасіў запазычанасць па штрафе невялікімі сумамі – па 10, 20, 30 капеек. Па ягоных падліках, зрабіў ужо каля сотні плацяжоў. Мае дакументальнае пацверджанне таго, што гэтыя сумы залічваліся ў кошт доўга: з аддзелу прымусовага выканання на хатні адрас дасылаліся заказнымі лістамі справаздачы.

«Гэта нейкі дзяржаўны рэкет»

6 снежня бацькі Кулакова цалкам пагасілі запазычанасць па штрафе сына. Арышт, накладзены на маёмасць, быў зняты.

«Гэта нейкі дзяржаўны рэкет: забралі маёмасць, якая не належыць даўжніку, і вымаганнем прымусілі людзей аплачваць чужы штраф», – кажа Андрэй Кулакоў. 

Бліжэйшымі днямі Кулакоў мае намер накіраваць у Першамайскі РАУС Віцебску заяву з просьбай правесці праверку па факце рабавання і перавышэння службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі аддзелу прымусовага выканання ды распачаць супраць іх крымінальную справу.

Андрэй Кулакоў – віцебскі актывіст, вядомы як уладальнік і кіроўца «Жывемабіля», які сваёй прысутнасцю падтрымліваў удзельнікаў мірных маршаў у Віцебску ў 2020 годзе. «Жывемабіль» некалькі разоў арыштоўвалі. У верасні 2020 году на Андрэя Кулакову і віцяблянку Марыю Волкаву завялі адміністрацыйную справу за «начны пікет» у вёсцы Лучынаўка Віцебскага раёну. У кастрычніку справу ў дачыненні Кулакова спынілі, але ў чэрвені 2021-га перагледзелі і аштрафавалі паводле арт. 23.34 КаАП на 40 базавых велічынь. У лістападзе 2020 году яго таксама судзілі за сярэдні палец супрацоўнікам МУС (арт. 17.1 КаАП). Праз пераслед вымушаны быў пакінуць Беларусь.

Янка Прас