Чацвер, 10 Верасень 2020

Віцебскі музыка і прадпрымальнік Максім Жукаў выйшаў на волю

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Максім Жукаў. Фота: facebook.com Максім Жукаў. Фота: facebook.com

Максіма Жукава, які больш вядомы зараз у Віцебску як уладальнік сядзібы Адамава, 10 верасня вызвалілі з ізалятару часовага ўтрымання, куды ён трапіў 7 верасня па абвінавачанні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Судзілі Жукава толькі 10 верасня. Ён прызнаны вінаватым у правапарушэнні (арт. 23.34 КаАП) і пакараны арыштам на 3 сутак, якія ўжо адбыў.

Максіма Жукава затрымалі 7 верасня супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС Віцебску Віталь Праліч і Канстанцін Ярашэўскі. Пасля складання пратаколу віцябляніна кінулі да суду ў ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ). Суд адбыўся толькі 10 верасня. Суддзя Ілля Белавус прызнаў Жукава вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсці, якое прайшло ў Віцебску 16 жніўня, і пакараў адміністрацыйным арыштам на трое сутак. Пасля суду Максім Жукаў выйшаў на волю, бо на той момант ужо адбыў прызначаны тэрмін пакарання.

Жукаў расказаў, што ў ІЧУ на яго склалі яшчэ адзін пратакол за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах – за ўдзел у Маршы еднасці 6 верасня. Па словах Жукава, суд адбудзецца 15 верасня (пачатак 9.00, суд Першамайскага раёну).

Раней Максіма Жукава затрымлівалі ў дзень выбараў 9 жніўня. Праз тры дні пасля затрымання яго судзілі ў ІЧУ і пакаралі 15 суткамі арышту, але 14 жніўня вызвалілі.

На Маршы адзінства, які прайшоў у Віцебску 6 верасня і падчас якога адбылося некалькі сутычак з міліцыяй, былі затрыманыя больш за 10 віцяблян. Большасць трапіла ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе 8 верасня прайшлі першыя суды: Андрэй Анішчанка аштрафаваны на 7 базавых велічынь, Алег Падабаеў – на 10 базавых, Арцём Скуман пакараны арыштам на 7 сутак. На наступны дзень працэсы працягнуліся ў будынку суду Кастрычніцкага раёну (праз скайп). Суддзя Уладзімір Царыкаў пакараў арыштам на трое сутак Аляксандра Кірыленку, Сяргея Бугаенку, Мікіту Шараварава, Дзмітрыя Кармалыса і Логінава. Усе яны 9 верасня выйшлі на волю.

Спісы затрыманых і пакараных удакладняюцца.

Зміцер Міраш