Чацвер, 09 Ліпень 2020

У чатырох карыстальнікаў чату «Браслав для жизни» адабралі тэлефоны і кампутары

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Канстанцін Далецкі. Фота: racyja.com Канстанцін Далецкі. Фота: racyja.com

8 чэрвеня ў карыстальнікаў Тэлеграм-чату «Браслаў для жыцьця» прайшлі вобшукі. Увечары стала вядома, што ў выніку ператрусаў былі канфіскаваныя мабільныя тэлефоны і кампутары ў чатырох удзельнікаў чату. Паводле былога адміністратара рэсурсу Канстанціна Далецкага, канфіскацыі адбываліся ў межах адміністрацыйнай справы аб паклёпе на ўчастковага міліцыянта (арт. 9.2 КаАП).

Канстанцін Далецкі – актыўны ўдзельнік чату «Браслав для жизни». Ён расказаў, што ранкам 8 чэрвеня да яго прыйшлі два супрацоўнікі міліцыі і некалькі чалавек у цывільным адзеньні. Як мяркуе Канстанцін, гэта былі супрацоўнікі КДБ.

Па словах актывіста, падставай для завядзеньня адміністрацыйнай справы паслужыў фотаздымак мясцовага ўчастковага Мікалая Іванова. Адзін з карыстальнікаў выклаў у чат фотаздымак міліцыянта. А пазьней у чаце зьявіўся ўдзельнік зь нікам «Самы лепшы ўчастковы», які выкарыстаў фота ўчастковага ў якасьці аватаркі. Празь нейкі час дадаў да фотаздымку на аватарцы ЛГБТ-сьцяг і вымпел «Лепшы ўчастковы Віцебшчыны». Гэткая ўвага да ўласнай пэрсоны мясцоваму ўчастковаму не спадабалася, і ён напісаў заяву, на падставе якой і была распачатая адміністрацыйная справа паводле арт. 9.2 КаАП.

Канстанцін расказвае, што супрацоўнікі міліцыі і людзі ў цывільным спрабавалі даведацца, хто хаваецца пад нікам «Самы лепшы ўчастковы», а таксама хто зараз адмініструе чат «Браслаў для жыцьця». Актывіст мяркуе, што адміністратарам чату можа быць дзяўчына, якая нарадзілася ў Браславе, але зараз жыве ў ЗША. Прынамсі да маці дзяўчыны ўжо прыходзілі супрацоўнікі МУС і апытвалі яе.

Актывіст лічыць, што дзеяньні браслаўскіх міліцыянтаў ня маюць аніякага сэнсу і «зьяўляюцца толькі акцыяй запалохваньня». «Яны проста хочуць на нас усіх націснуць», – кажа Далецкі.

Мабільныя тэлефоны і кампутары забралі таксама ў братоў-блізьнюкоў Валерыя і Віталя Трашчынскіх, якія займаюцца ў Браславе абслугоўваньнем кампутарнай тэхнікі, а таксама ў Дзяніса Багдановіча – уладальніка мясцовага копіцэнтру. Але Багдановіч не напісаў у чаце «Браслаў для жыцьця» аніводнага паведамленьня.

Нагадаем, браслаўчанін Канстанцін Далецкі 29 чэрвеня быў асуджаны на 5 сутак адміністрацыйнага арышту за заклікі на несанкцыянаваную акцыю (арт. 23.34 КаАП), якія нібыта публікаваў у Тэлеграме. Двое сутак да суду ён правёў за кратамі браслаўскага ІЧУ і быў нечакана вызвалены пасьля суду.

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.