Чацвер, 18 Красавік 2019

Мінабароны адказала вяскоўцам, якіх аштрафавалі за знойдзеныя парэшткі салдатаў

Ацаніць гэты матэрыял
(12 галасоў)
Уладзімер Мішурны ля магілы, дзе пахаваныя парэшткі саладатаў Уладзімер Мішурны ля магілы, дзе пахаваныя парэшткі саладатаў

Чатыры гады таму браты Мішурныя зь вёскі Копці Віцебскага раёну знайшлі ў лесе парэшткі чырвонаармейцаў і атрымалі за гэта падзяку ад міністра абароны. Але праз некаторы час – за тое ж самае! – былі аштрафаваныя на 2 млн. рублёў. У пошуках справядлівасьці напісалі сёлета міністру Раўкову, але той адказаў фармальнай адпіскай…

5 ліпеня 2015 году жыхары вёскі Копці браты Уладзімер і Кірыл Мішурныя дзякуючы шчасьлівай выпадковасьці знайшлі ў лесе парэшткі і рэчы двух савецкіх вайскоўцаў – Макара Ласкутова ды Пятра Мельнічэнкі. Гэтак, праз 70 гадоў пасьля вайны сталі вядомыя прозьвішчы двух салдатаў, якія лічыліся зьніклымі бязь вестак.

2 млн. штрафу – за вяртаньне імёнаў

“У лесе мы з братам зьбіралі мэталялом. Працы ў мяне тады не было, а грошы былі патрэбныя. Зь зямлі тырчэла жалязяка, пачалі цягнуць.  Вывернулі, а пад ёй косьці, мэдаль, брытва…” –  расказвае Ўладзімер Мішурны.

“Хачу падкрэсьліць, што мы нічога не капалі. Зразумелі, што натрапілі на парэшткі савецкіх салдатаў. Падабралі ўсё дарэшты ды занесьлі ўдзельніку вайны Віктару Цярэшчанку, стваральніку вайсковага мэмарыялу ў вёсцы Копці. Той узрадаваўся, напісаў ліст у газэту “СБ – Беларусь сегодня”. Нічым добрым, праўда, гэта для нас ня скончылася: чыноўнікі прачыталі публікацыю, выклікалі мяне ў райвыканкам і аформілі адміністрацыйны пратакол,” – дадае Ўладзімер.

Падзяка братам Мішурным (тады школьнікам) ад міністра абароны Раўкова

Адміністрацыйная камісія Віцебскага райвыканкаму палічыла, што хлопцы парушылі заканадаўства і аштрафавала іх на 10 базавых велічыняў (на той час – 1 млн. 800 тыс. рублёў). Чыноўнікі не ўзялі пад увагу ні выпадковасьць, ні вартасьць знаходкі, ні падзяку, выказаную братам Мішурным міністрам абароны Раўковым.

“Несправядліва ўсё гэта…”

Да 2019 году Ўладзімер Мішурны штраф не аплочваў, спадзяваўся на нейкі цуд. Напісаў электронны ліст у Мінабароны, распавёў акалічнасьці справы і чакаў. Адказ уразіў яго сваёй фармальнасьцю.

“Міністэрства абароны да органаў, якія вядуць адміністрацыйны працэс па згаданым артыкуле, не адносіцца. Парадак абскарджаньня накладзенага адміністрацыйнага спагнаньня вызначаны адміністрацыйным заканадаўствам”, – суха паведамілі з Мінабароны.

 “З адказу бачна, што ў акалічнасьці справы ніхто не заглыбляўся. Ім падалося дастатковым таго, што мы выцягнулі парэшткі зь зямлі без дазволу, і з фармальнага боку штраф нібыта абгрунтаваны. Але я мяркую, што артыкул 19.7 КаАП (Парушэньне парадку ўскрыцьця вайсковых пахаваньняў альбо правядзеньня пошукавых работ) мусіць прымяняцца супраць тых, хто атрымлівае ад падобных дзеяньняў нейкую карысьць. Але ці быў з нашага боку хаця б які злы намер? Гэта ўсяго толькі зьбег абставінаў, шчасьлівы выпадак. Я ж ня ішоў туды мэтанакіравана капаць з рыдлёўкай…” – тлумачыць Уладзімер Мішурны, нібыта працягваючы адрасаваць гэтыя словы міністру абароны.  

“Можна было б пагадзіцца са штрафам, каб нас за руку схапілі на “месцы злачынства”, але мы па добрай волі прынесьлі ўсё, што знайшлі. Зрабілі добрую справу. Мне і тая ўдзячнасьць ад міністра непатрэбная была. Ня дзеля яе мы тыя парэшткі зь лесу цягнулі, а дзеля таго, каб нехта не натрапіў на іх, пакуль мы літары закону будзем прытрымлівацца. Але ўсім усё адно. Несправядліва ўсё гэта…” – не хавае эмоцыяў наш суразмоўца.

Падзякі ад сваякоў. Штраф і абыякавасьць – ад дзяржавы

Як распавёў Уладзімер Мішурны, летась на магілу Макара Ласкутова прыяжджала дачка загінулага Марыя Макараўна са Смаленскай вобласьці. Дзякавала ўсім і за знаходку, і за ўсталяваны помнік. Яна жахнулася, калі дазналася, што іх з братам аштрафавалі. Не магла ўявіць сабе, што такое можа быць.

На наступны дзень пасьля ад’езду прыслала заказным лістом  фотаздымак, на адваротным баку якога напісала словы ўдзячнасьці абодвум братам.

У сакавіку 2019 году Ўладзімер зьвярнуўся ў галоўнае ўпраўленьне ідэалягічнай працы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкаму, але і там да справы паставіліся фармальна. Проста адпісаліся, што пастанову можна было абскардзіць цягам 10 содняў. Больш нічога…

С. Горкі