Аўторак, 27 Сакавік 2018

Віцебск: За бел-чырвона-белы сьцяг – штраф

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Андрэй Кешанюк Андрэй Кешанюк

26 сакавіка ў судзе Першамайскага раёну гораду Віцебcку адбыўся суд над Андрэем Кешанюком. Актывіст быў затрыманы раніцай гэтага самага дня перад будынкам Белтэлекаму, што на праспэкце Чарняхоўскага, за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным пікеце і дастаўлены ў мясцовы аддзел міліцыі. Асноўнай падставай для затрыманьня стаў бел-чырвона-белы сьцяг, які ён трымаў у рукох.

Сумнавядомая па вынесеных раней шматлікіх палітычных справах судзьдзя Натальля Карабліна прысудзіла актывісту штрафы ў памеры 4 і 6 базавых велічыняў паводле двух артыкулаў Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях – 23.4 (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы падчас выкананьня ёй службовых паўнамоцтваў) і 23.34, частка 1 (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

Паводле словаў абвінавачанага ў правапарушэньні, ніякага непадпарадкаваньня не было, а зьвесткі, пазначаныя ў пратаколах, зьяўляюцца хлусьлівымі. Сапраўды, ён меў бел-чырвона-белы сьцяг, але ня бачыць ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў у тым, каб мірна прагульвацца зь ім каля будынка Белтэлекаму. Рабіў ён гэта ня з мэтай выказваньня пратэсту супраць дзейнай улады, як гэта паведаміў міліцыянт Кароткі, а з тым, каб падзяліцца сваім сьвяточным настроем і павіншаваць сваіх былых калегаў з Днём Волі.

Рэч у тым, што актывіст да нядаўняга часу працаваў інжынэрам у Белтэлекаме, а летась, нягледзячы на вялікі стаж у гэтай арганізацыі, быў звольнены. На думку многіх яго знаёмых рашэньне пра непадаўжэньне кантракту зь ім было прынятае па палітычных прычынах празь яго актыўны ўдзел у грамадзянскай ініцыятыве «Хайсы».

У якасьці сьведак у суд былі запрошаныя міліцыянты, што зьдзяйсьнялі затрыманьне – Кароткі Васіль Васільевіч, камандзір групы АМАП, баец Чакан Расьціслаў Сяргеевіч і кіроўца Штыкаў Дзьмітры Міхайлавіч.

На пачатку працэсу Андрэй, каб даказаць, што ён не аказваў непадпарадкаваньня супрацоўнікам міліцыі, хадайнічаў пра далучэньне да матэрыялаў справы відэафайлаў з камэраў вонкавага назіраньня на будынку Белтэлекаму і відэарэгістратара, які знаходзіўся ў міліцыянта Чакана. Але судзьдзя адхіліла гэтыя хадайніцтвы, не паведаміўшы прычыну такога рашэньня. І тым ня менш пасьля перапынку, напрыканцы працэсу, былі прагледжаныя фрагмэнты зь некаторых камэраў, што ўсталяваныя на будынку. На прадэманстраваным відэа момант самога затрыманьня ў аб'ектыў камэры ня трапіў. На думку актывіста, гэта было зроблена знарок, бо можна было ўзяць відэа зь іншых камэраў. Што тычыцца рэгістратара, то, як стала вядома са словаў байца Чакана, ён забыўся яго ўключыць. Праверыць праўдзівасьць ягоных слоў не выдалася магчымым, бо судзьдзя адхіліла хадайніцтва аб запатрабаваньні відэазапісу.

У канцы судовага паседжаньня Андрэй засумняваўся ў непрадузятасьці судзьдзі і двойчы запатрабаваў яе адводу. Гэтыя яго патрабаваньні таксама былі адхіленыя.

Уладзімер Бяляўскі