Субота, 17 Сакавік 2018

У Віцебску зноў засудзілі журналістаў за відэасюжэт на «Белсаце»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Алена Шабуня, Вячаслаў Лазараў Алена Шабуня, Вячаслаў Лазараў Фота: https://vitebskspring.org

16 сакавіка судзьдзя суду Віцебскага раёну Міхаіл Зубеня разгледзеў справу аб адміністрацыйным правапарушэньні ў дачыненьні да віцебскіх журналістаў Вячаслава Лазарава і Алены Шабуні, абвінавачаных паводле часткі 2 артыкулу 22.9 КаАП РБ (незаконны выраб і (або) распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі).

Як агучыў напачатку судовага разьбіральніцтва судзьдзя, 5 сакавіка супрацоўнікам Віцебскага РАУС былі складзеныя два пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні. Згодна зь імі, 1 лютага спадары Лазараў і Шабуня без акрэдытацыі ў якасьці журналістаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь узялі інтэрвію ў жыхароў вёскі Тапорына Віцебскага раёну Ціханенкі, Іванова і Юрчанкі, а ў далейшым выраблены відэаматэрыял разьмясьцілі на сайце замежнага тэлевізійнага каналу «Белсат». Сваімі дзеяньнямі яны нібыта парушылі патрабаваньні артыкулу 35 закону ад 17 жніўня 2008 году «Аб сродках масавай інфармацыі», зьдзейсьніўшы незаконны выраб СМІ. Адказнасьць за такое правапарушэньне рэгулюецца часткай 2 артыкулу 22.9 КаАП РБ, які прадугледжвае накладаньне штрафу ў памеры ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічыняў.

Журналісты Лазараў і Шабуня, віны за сабой не адчувалі і таму зьявіліся на суд у саколках з надпісамі «Старшыня прапіў калгас, а судзяць нас!» і «У Беларусі ўсё шыварат-навыварат!».

Карыстаючыся сваім правам, спадарыня Алена хадайнічала пра далучэньне да матэрыялаў справы копіі пратаколу, атрыманага ёй з РАУС,  і копіі ліста да міністра ўнутраных справаў, у якім журналістка прасіла Ігара Шуневіча дапамагчы ёй прачытаць зьмест пратаколу, складзенага яго падначаленым. Зрабіць гэта самастойна праз каліграфічныя хібы аўтара журналістка ня здолела.

Таксама далучаны да справы быў і калектыўны зварот 51 жыхара Заронаўскага сельсавету, у якім грамадзяне прасілі спыніць перасьлед грамадзкіх актывістаў, у тым ліку Вячаслава Лазарава і Алены Шабуні, а таксама прыцягнуць да адказнасьці мясцовых чыноўнікаў і супрацоўнікаў Заронаўскага сельскага савету, якія давялі жыцьцё вяскоўцаў да ганебнага стану.

Паспрабавалі журналісты скарыстацца і сваім канстытуцыйным правам на абарону у судзе. Алена Шабуня і Вячаслаў Лазараў хадайнічалі аб удзеле ў працэсе для аказаньня ім прававой і юрыдычнай дапамогі прадстаўніка Беларускага Хэльсынскага Камітэту Паўла Левінава.   Суду былі дадзеныя дакумэнты, якія пацьвердзілі, што праваабаронца мае паўнамоцтва прадстаўляць у дзяржаўных органах законныя інтарэсы асобаў, якія лічаць, што іх правы парушаныя. Гэтае хадайніцтва пасьля 10-хвіліннага перапынку судзьдзём Зубенем было адхілененае на той падставе, што Павал Левінаў не ёсьць ані адвакатам, ані сваяком асобаў, у дачыненьні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс.

Не задаволіў суд і заяву спадарыні Шабуні даць ёй адваката, які б пагадзіўся абараняць за аплату, роўную 10-15 беларускіх капеек, якія яна, як маці траіх дзяцей, мае магчымасьць выдаткаваць са сваёй пэнсіі. Гэты сымбалічны крок быў зроблены журналісткай дзеля дэманстрацыі таго факту, што незаможныя грамадзяне ў Рэспубліцы Беларусь зьяўляюцца цалкам безабароннымі перад рэпрэсіўнай судовай сыстэмай.

Бок органу, які склаў пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэньне, у судзе прадстаўляў супрацоўнік Віцебскага РАУС Аляксандар Буруноў. Ён перадаў судзьдзю апэратыўны відэазапіс, зроблены 1 лютага ў вёсцы Тапорына супрацоўнікамі міліцыі, якія ў той дзень сачылі за журналістамі і кандыдатамі ў дэпутаты Аленай Шабуняй і Аленай Янушкоўскай. Факт неабгрунтаванага сачэньня абурыў ня толькі фігурантаў справы, але і прысутных у залі суду прадстаўнікоў грамадзкасьці.

Жыхарка вёскі Тапорына Іна Ціханенка прыйшла ў суд у якасьці сьведкі. Два іншыя сьведкі,  Іваноў і Юрчанка, у суд не прыбылі, але далі пісьмовыя тлумачэньні наконт акалічнасьцяў справы, што разглядалася.

Апытаная ў судовым парадку Іна Ціханенка пацьвердзіла, што 1 лютага яна размаўляла з Шабуняй і Лазаравым і распавяла ім пра надзённыя праблемы вяскоўцаў. Пра тое, ці зьяўляюцца названыя грамадзяне журналістамі, яна нічога ня ведала. Ніякіх прэтэнзіяў да журналістаў грамадзянка ня мае і ўдзячная ім, што яны агучылі праблемы, якія хвалююць вяскоўцаў.

Спадарыня Шабуня паведаміла, што яна прыехала ў вёску як давераная асоба кандыдаткі ў дэпутаты Алены Янушкоўскай,  каб даведацца пра праблемы вяскоўцаў і данесьці іх да прадстаўнікоў улады. Журналістка заявіла, што супрацоўніцай тэлевізійнага каналу «Белсат» не зьяўляецца, але рабіла відэаздымкі на свой мабільнік і ў далейшым разьмясьціла іх у сеціве. Спадар Лазараў сказаў, што ня памятае, што канкрэтна ён мог рабіць у той дзень у Тапорыне, але, як фатограф-аматар, ён заўжды мае пры сабе здымач.

Па сукупнасьці дасьледаваных доказаў, а таксама пасьля выслуханых тлумачэньняў апытаных асобаў, суд прыйшоў да высновы, што абвінавачанымі ў адміністрацыйным правапарушэньні быў сабраны відэаматэрыял, які паслужыў асновай для выкарыстаньня яго на замежным тэлевізійным канале. І хоць Лазараў і Шабуня непасрэдна не выраблялі інфармацыю для тэлеканалу «Белсат», а зьбіралі яе для іншых мэтаў, вырабленыя імі відэазапісы знаходзіліся ў вольным доступе ў сеціве, а самі яны дзейнічалі як журналісты.

Суд вырашыў таксама, што паказаньняў сьведкаў Ціханенкі, Іванова ды Юрчанкі дастаткова, каб пацьвердзіць, што відэаматэрыял выраблены непасрэдна грамадзянамі Шабуняй і Лазаравым.

Такім чынам, суд палічыў даказанай высунутае супраць журналістаў абвінавачаньне: інфармацыя зьбіралася, і яна лягла ў аснову матэрыялу, вырабленага замежным сродкам масавай інфармацыі.

Разам з тым, ніякіх акалічнасьцяў, якія б абцяжарвалі ці зьмякчалі віну журналістаў судом выяўлена не было. Паводле судзьдзі Зубені, у нейкай ступені суд улічыў, што спадарыня Шабуня мае непаўнагадовае дзіця і атрымлівае пэнсію, таму наклаў на яе мінімальнае спагнаньне – 20 базавых велічыняў. Акалічнасьцяў, якія б паспрыялі зьмякчэньню адказнасьці для Лазарава, суд не знайшоў і аштрафаваў яго на 22 базавыя велічыні.

С. Горкі