15 сьнежня ў Віцебску праходзіла справаздачна-выбарная абласная канфэрэнцыя партыі БНФ. Удзельнікі канфэрэнцыі заслухалі справаздачу старшыні абласной арганізацыі партыі Кастуся Смолікава, які распавёў пра дзейнасьць арганізацыі цягам апошніх двух гадоў. У дыскусіі, што разгарэлася пасьля выступу спадара Смолікава, абмяркоўвалася тэма ўдзелу ў выбарах, закраналіся праблемы зьмяншэньня колькасьці сяброў партыі і нізкага ўплыву яе на грамадзтва.

Зь віцебскім сябрам партыі БНФ Аляксеем Гудзіліным невядомыя правялі «прафіляктычную гутарку». Ад яго запатрабавалі спыніць сваю дзейнасьць і больш не «піярыць» БНФ. Каб малады чалавек лепш зразумеў сказанае, яго зьбілі.

Надоечы трое ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС – жыхароў Віцебску атрымалі ўкраінскія ўзнагароды, выпушчаныя да 25-х угодкаў трагедыі. Памятным крыжам «25 гадоў Чарнобыльскай катастрофы» быў ганараваны Анатоль Гнеўка, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Знакі ўзнагароды «25 гадоў гераічнага подзьвігу» атрымалі Аляксандар Мікулін і Сяргей Іконьнікаў.

Суд у чарговы раз адхіліў патрабаваньні віцебчука Ўладзімера Кірычэнкі, які прасіў прызнаць, што дзеяньні ЖРЭТ Першамайскага раёну Віцебску зьяўляюцца незаконнымі і парушаюць правы спажыўцоў. Паводле разьлікаў пазоўніка, толькі ў верасьні 2012 году ЖРЭТ ў 7,5 разоў завысіў колькасьць цеплавой энэргіі, неабходнай на падагрэў аднаго кубамэтру вадаправоднай вады.

Сьледчы камітэт спыніў расьсьледаваньне па крымінальнай справе супраць супрацоўнікаў Першамайскага РАУС Віцебску, якія выбівалі прызнальныя паказаньні ў дзяцей пры дапамозе шрубнікаў і процівагазаў. Справа супраць міліцыянтаў-катаў была ўзбуджаная ў траўні 2011 году. Папярэдняе расьсьледаваньне па факце прымяненьня незаконных мэтадаў вядзеньня сьледзтва апэратыўнікамі Першамайскага РАУС расьцягнулася на паўтара года. І вось надоечы галоўнае ўпраўленьне Сьледчага камітэту паведаміла пацярпелым і іх сваякам пра спыненьне расьсьледаваньня.

Аляксандар Лукашэнка патрабуе жорстка выконваць тэрміны мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 14 сьнежня, наведваючы ААТ “Віцебскдрэў”. “Вы павінны працаваць, як у ваенны час. Я вам даў выразны сыгнал, больш таго, узяў на сябе вялікую адказнасьць, падпісаўшы адпаведны дэкрэт, за што мяне малоцяць, пачынаючы ад Амэрыкі і заканчваючы Расеяй. Таму я нікому не дарую. Працаваць вы павінны дзень і ноч”, - заявіў Аляксандар Лукашэнка.

Панядзелак, 10 Снежань 2012

Любоў Кавалёва - праваабаронца году

Традыцыйна 10 сьнежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека, вызначылі найлепшых журналістаў, адвакатаў і праваабаронцаў. Праваабаронцам году назвалі Любоў Кавалёву. Маці Ўладзіслава Кавалёва ўшанавалі ўзнагародаю за «абарону сына, абвінавачанага ў зьдзяйсьненьні тэракту ў менскім мэтро і пасьля расстралянага, і за барацьбу супраць сьмяротнага пакараньня».

Пракуратурай Віцебскай вобласьці праверанае выкананьне Віцебскім гарвыканкамам заканадаўства аб спэцыяльным жыльлёвым фондзе. Як паведамілі ў Генпракуратуры, выяўлена, што Віцебскім гарвыканкамам не заўсёды забясьпечваецца належны кантроль за выкарыстаньнем жылых памяшканьняў манэўранага фонду.

Родныя атрымалі першы ліст ад Андрэя Гайдукова, падазраванага, паводле інфармацыі КДБ, у «здрадзе дзяржаве». Некалькі дзён таму наваполацкага актывіста перавялі ў віцебскі СІЗА, і бараніць ягоныя інтарэсы будзе ўжо ня менскі, а віцебскі адвакат. Да пачатку сьнежня Андрэя Гайдукова трымалі ў менскім СІЗА КДБ, а цяпер ён у Віцебску. Дык што замена адваката цалкам лягічная.

Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Натальля Ляпёшкіна забараніла праваабаронцам зладзіць пікет 10 сьнежня. Такое рашэньне было прынятае нягледзячы на тое, што імпрэза мусіла адбыцца ў месцы, адмыслова вызначаным уладамі для правядзеньня масавых мерапрыемстваў - у парку культуры і адпачынку Чыгуначнікаў. Прычына забароны пікету - заяўнікі акцыі не заключылі дамоваў на яе абслугоўваньне са службай ЖКГ, паліклінікай і міліцыяй.