17 лістапада суд Пастаўскага раёна прызнаў жанчыну вінаватай паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП : у яе сацыяльных сетках міліцыянты знайшлі рэпосты з некалькіх інфармацыйных рэсурсаў, прызнаных МУС экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй. За некалькі дзён да таго, 13 лістапада, Ірыне Палянінай быў працягнуты прэвентыўны нагляд яшчэ на два гады – пасля першага году па вызваленні з калоніі.

21 і 22 лістапада калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду разбірала апеляцыйную скаргу сужонцаў, асуджаных 25 верасня Віцебскім абласным судом за сувязь з тэлеканалам «Белсат», прызнаным у Беларусі экстрэмісцкім фармаваннем. Вынік нечаканы: суддзя Юрый Руткоўскі перакваліфкаваў склад злачынства і зменшыў пакаранне Вячаславу Лазараву. Яго жонка Таццяна Пыцько будзе вызвалена з-пад варты: у дачыненні да яе Вярхоўны суд пастанавіў даць адтэрміноўку, што да выканання пакарання.

Праз петыцыю №5711 на інфармацыйнай платформе “Зручны горад” гарадскія актывісты збіраюць подпісы для звароту да ўладаў з прапановай абсталяваць у Віцебску некалькі месцаў для зімовага катання, якія б адпавядалі патрабаванням бяспечнага спуску з горак. Петыцыю пакуль падпісалі два дзясяткі гараджан, але збор подпісаў працягваецца.

Суддзя суда Глыбоцкага раёна Андрэй Тарасевіч 8 лістапада за распаўсюд у сацыяльнай сетцы публікацый «экстрэмісцкай» скіраванасці пастанавіў арыштаваць на 10 сутак Зміцера Бажкова.

Пра вакансіі на рынку працы раёна, запатрабаваных прафесіях і магчымасцях працаўладкавання расказала ў інтэрв'ю мясцовай раёнцы «Дзвінская праўда» намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела занятасці насельніцтва і сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Верхнядзвінскага райвыканкама Таццяна Маскалёва.

Пра нетыповы выпадак распавяла газета «Витьбичи»: грамадзянка Латвіі праз аўкцыён набыла ў трох вёсках Браслаўскага раёну будынкі школы і дзіцячага садка. У адной з вёсак яна плануе жыць з сям“ёй, у іншых – наладзіць вытворчасць. Але нават карэспандэнту дзяржаўнай газеты яна не распавяла падрабянасцяў, бо «апасаецца пераследу». З якога боку – не ўдакладняецца, але карэспандэнт асобна падкрэслівае, што пакінуць Латвію сям“я вырашыла «праз стаўленне да рускамоўнух грамадзянаў, спіраль нянавісці да якіх раскручваецца палітычнай вярхушкай краіны».

Бібліятэкары Шаркаўшчыны расказвалі школьнікам 10-11 класаў аб новаўвядзеннях у Выбарчы кодэкс Беларусі.

Як стала вядома, 30 кастрычніка суддзя Глыбоцкага суда Аляксандр Аляксеенка пакараў 10 суткамі глыбачаніна Сяргея Троцкага, начальніка гаспадарчага аддзела Глыбоцкага філіяла РУП “Віцебскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры” паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП (Распаўсюджванне, выраб, захоўванне перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапаганду  такой дзейнасці).

Акцыя называецца «Шар дабра», яе сутнасць у тым, што напярэдадні Калядаў і Новага года наведнікі цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сваімі рукамі зробяць навагоднія цацкі (шары) у стылістыцы роднага краю, а потым іх вырабы прададуць з аукцыёна. Гэтую ініцыятыву падтрымалі больш за 70 устаноў сацыяльнага абслугоўвання з Беларусі і Расіі, паведамляе газета «Витьбичи».

Суддзя суда Глыбоцкага раёна Аляксандр Аляксеенка працягвае глыбачан караць штрафамі і суткамі па “народным артыкуле”.