У Наваполацку рыхтуюць ваенізаванае мерапрыемства з удзелам расейскіх выступоўцаў
Да Дня ВДВ, які ў Беларусі адзначаюць у першыя выходныя жніўня, у Наваполацку пройдзе Міжнародны фестываль- свята патрыятычнай і армейскай песні «Сінева». Статус «мІжнароднага» фестываль займеў, дзякуючы ўдзелу артыстаў з Расеі, а таксама анансаваны выступ груп «Перевал» з Латвіі і «Motor-roller» з Казахстана. Апошняя група вядомая тым, што ў сваёй творчасці настальгуе па часах СССР, а яе лідар Ілляс Аутаў заклікае да аб’яднання і падтрымкі «былых рэспублік вялікай краіны» і адкрыта дэманструе сваю прарасейскую пазіцыю.
Кіраўнік Паставаў падпісаў пагадненне аб сяброўскіх стасунках з акупаваным раёнам Крыма
11 ліпеня ў Доме Масквы ў Мінску старшыня Пастаўскага райвыканкама Сяргей Чэпік і старшыня Сакскага раённага савета Аляксандр Гуменны падпісалі пагадненне аб устанаўленні сяброўскіх стасункаў паміж Пастаўскім раёнам і Сакскім раёнам акупаванага расейцамі Крыма. Адбылося гэта ў рамках так званых Дзён Крыму ў Беларусі. Пра гэта піша сайт postawy.by.
Вучні Мёрскага раёна ўдзельнічаюць у беларуска-расійскіх конкурсах грамадзянска-патрыятычнай скіраванасці
Як піша Мёрская раёнка, вучні Дзісненскай СШ імя Героя Савецкага Саюза М. Кузьміна актыўна і паспяхова ўдзельнічаюць у конкурсах грамадзянска-патрыятычнай скіраванасці. У Год міру і стварэння гэта асабліва значна, - зазначае выданне.
Віцебскія педагогі будуць падвышаць кваліфікацыю пад расейскім уплывам
Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі, які ладзіць для настаўнікаў вобласці курсы падвышэння кваліфікацыі, заключыў дамову аб супрацоўніцтве з расейскай установай падобнага профілю «Академия Минпросвещения России». На сайце гэтай установы падкрэсліваецца, што метадычная дапамога настаўнікам тычыцца не толькі прадметаў, якія вывучаюцца ў школе, але і розных аспектаў патрыятычнага выхавання -- «формирования гражданской идентичности, культурного наследия народов России в условиях современных вызовов и цифровой трансформации». А на старонцы «ВКонтакте» ад імя акадэміі стала размяшчаюцца навіны, што да расейскага ўварвання ва Ўкраіну.
У Наваполацку аблілі фарбай аўто прарасейскага актывіста. Міліцыя кажа, што вінаватага затрымалі
Машына Сяргея Юдаева з крымскімі нумарамі і вялікай літарай «Z» на капоце была пыпаркавана каля Полацкага РАУС. Ранкам 1 ліпеня гаспадар знайшоў сваю машыну з аблітым белай фарбай лабавым шклом. І праз некалькі дзён супрацоўнікі райаддзела міліцыі нібыта затрымалі вінаватага – прынамсі, на афіцыйны сайце Віцебскага абласнога ўпраўлення МУС з“явілася відэа затрымання. Аднак, як кажуць, засталіся пытанні.
Мірсалімава прапануе размясціць на білбордах «российских героев СВО» замест надпісаў па-беларуску
Віцебская апалагетка «русского мира» Эльвіра Мірсалімава лічыць, што беларусаў трэба прыцягваць да вайны ва Ўкраіне «у аблегчаным варыянце». Заявіўшы, што расейскае кіраўніцтва, напэўна, мае свае рэзоны, калі не патрабуе непасрэднага ўдзелу Беларусі ў так званай «СВО» - «Специальной военной операции», яна прапануе мясцовым чыноўнікам ўсё ж такі арганізаваць пэўныя захады, «каб беларускае грамадства не скатвалася ў антырасейскую рыторыку». Ідэя размясціць на білбордах партрэты расейскіх вайскоўцаў, якія ваююць ва Ўкраіне, «замест бясконцых бела-чырвоных арнаментаў і надпісаў «Мама =мова» далёка не адзіная. Але чым далей сягаюць фантазіі Мірсалімавай, тым больш смешна выглядаюць яе спробы прасоўваць «русский мир» у Віцебску.
Прыхільніца «русского мира» Мірсалімава абяцае 9 траўня раздаваць георгіеўскія стужкі
Віцебская прарасейская актывістка запрашае гараджан далучыцца да акцыі «Бессмертный полк». Яе арганізатары паведамляюць, што віцябляне могуць прайсці з партрэтамі сваіх родных – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – у асобнай калоне падчас афіцыйнага гарадскога ўрачыстага шэсця. Эльвіру Мірсалімаву не задавальняе, што сімвалам свята перамогі падчас дзяржаўных імпрэзаў стала чырвона-зялёная бутаньерка з белай яблыневай кветкай, і таму яна анансавала раздачу георгіеўскіх стужак. Паведамляючы пра гэта ў сацыяльных сетках, жанчына усяляк падкрэслівае, што яе прынцыповая пазіцыя ў гэтым пытанні не супадае з пазіцыяй уладаў. Аднак і летась, і раней міліцыя нават увагі не звярнула на тое, што адбываецца нешта, што выходзіць за «ідэалагічныя межы» святкаванняў. Дарма параўноўваць, што сталася б з ахвотнымі раздаць у цэнтры Віцебску стужкі ў колерах беларускага нацыянальнага сцяга...
У Віцебску прынялі ўдзельнікаў прарасейскага маршу-эстафеты «Наша великая Родина»
У дзяржаўных СМІ гэтая падзея падавалася як наведванне горада «дэсантам» Саюзнай дзяржавы з нагоды 78-х угодкаў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Удзельнікі, як падркэсліваецца, «міжнароднага праекту», усклалі да манументу на Плошчы Перамогі кветкі і гірлянду са стужкамі ў колерах расейскага і беларускага дзяржаўных сцягоў. Адбывалася гэта пад транспарантам з надпісамі «За Россию! За Победу! За союз братских народов! За нашу Великую Родину!» Аднак не толькі і не столькі перамозе 78-гадовай даўніны прысвечаны гэты праект, які рэалізуецца ў Расейскай Федэрацыі ўжо 10 гадоў. Калі раней гэта былі паездкі па гарадах-героях і месцах найбольш значных баёў, то сёлета марш-эстафета прысвечана так званым «новым расейскім рэгіёнам» і мае выразны антыўкраінскі пасыл.
Палачанаў інтэгруюць у «расейскі літаратурны свет»
У Полацкім каледжы ВДУ імя Машэрава прэзентавалі нумар маскоўскага часопіса «Литературные знакомства», дзе існуе рубрыка «Книга в журнале», і апошнія з іх – «Полоцкая литературная тетрадь». Паводле выдаўцоў, у яе ўвайшлі творы 25-ці расейскамоўных аўтараў, удзельнікаў літаратурных суполак «Литературный ковчег», «Полоцкая ветвь» і «Наддзвінне». Навучэнцаў і грамадскасць гораду запрасілі на знаёмства з досыць спецыфічным выданнем і светапоглядам аўтараў, якія лічаць сябе прадстаўнікамі расейскага літаратурнага свету ў Беларусі.
Дзве віцебскія сямейныя пары ўганараваны расейскім «шлюбным» медалём
Медаль «За любовь и верность» заснаваны Фондам Святланы Мядзведзевай – жонкі былога прэзідэнта і прэм’ер міністра, а цяпер намесніка Старшыні Рады бяспекі РФ Дзмітрыя Мядзведзева. У цырымоніі ўганаравання, якую зладзілі ў Віцебскім гарадскім ЗАГСе, узяў удзел вядомы ў Віцебску прыхільнік «русского мира» Андрэй Герашчанка, які мае грамадскую пасаду старшыні Каардынацыйнай рады беларускіх грамадскіх аб’яднанняў суайчыннікаў пра Пасольстве Расейскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Прасцей кажучы, асоба, якая свядома праводзіць антыбеларускую палітыку ў грамадскім жыцці Віцебска і ўсёй Беларусі.